Плюсдобавить компанию
добавить компанию
личный кабинет
Радио Мария

Радио Мария (Интеренет-радио)

Першае “Радыё Марыя” было заснавана ў 1983 годзе ў Iталіі. Асноўнай мэтай стварэння радыёстанцыі стала інфармаванне парафіян аб жыцці касцёла і дапамога ім у штодзённай малітве праз Літургію і Слова Божае. У 1987 годзе было заснавана грамадскае аб'яднанне “Радыё Марыя”, у склад якога ўвайшлі святары і свецкія асобы. Гэта быў першы крок да распаўсюджвання каталіцкай радыёстанцыі па ўсім свеце. З 1990 года радыё пачало транслявацца ў іншых краінах. Сёння  вяшчанне ажыццяўляецца ў 70 краінах на 5 кантынентах. Усе гэтыя радыёстанцыі аб'яднаны ў адну вялікую сусветную сям'ю “Радыё Марыя”, мэта якой – дапамагаць людзям у іх штодзённым жыцці і ў пошуку яго сэнсу праз Божае Слова, веру і навяртанне.  Праз радыё  хрысціянская навука  і  хрысціянскія каштоўнасці   могуць быць даступныя кожнаму чалавеку ў любы момант яго жыцця і ў любым месцы на планеце.
Сама назва “Радыё Марыя” адлюстроўвае характар і прыналежнасць гэтага радыё да касцельнай супольнасці. Яно натхняецца любоўю Найсвяцейшай Панны Марыі і нясе гэтую любоў сваім слухачам.
У кожнай краіне, заўжды і без выключэння, “Радыё Марыя” –  некамерцыйны праект. На яго хвалях ніколі не будзе рэкламы  або іншых камерцыйных праграм. Радыё існуе дзякуючы працы валанцёраў і фінансавым ахвяраванням радыёслухачоў.
Асноўны змест радыёстанцыі: святыя Імшы з касцёлаў Беларусі, катэхетычныя праграмы, малітвы і іншыя духоўныя практыкі, прынятыя ў касцёле.

Для каго гэтае радыё?
Для кожнага чалавека незалежна ад яго веравызнання,  для вернікаў і тых, хто пакуль не знайшоў свой шлях да Бога, але адчувае патрэбу ў гэтым,  а таксама для тых, каму ў сучасным жорсткім свеце не хапае святла і дабрыні.

Хто стварае гэтае радыё?
Усе праграмы для радыёстанцыі робяцца валанцёрамі з ліку каталіцкіх вернікаў. Яны рыхтуюць малітоўныя, інфармацыйныя, навукова-папулярныя праграмы, інтэрв'ю з гасцямі радыё і іншыя.
“Радыё Марыя” –  каталіцкае радыё, адкрытае  для ўсіх. Абавязковай умовай дзейнасці кожнай радыёстанцыі з сусветнай сям'і “Радыё Марыя” з'яўляецца прысутнасць праграмнага дырэктара – каталіцкага святара. Ён- своеасаблівы гарант каталіцкага духа радыёстанцыі, яе духоўны настаўнік і кіраўнік.
Валанцёрская праца – галоўная рухаючая сіла “Радыё Марыя”. Дух валанцёрства – гэта агонь, які гарыць і запальвае сэрцы. Кожны слухач радыё можа стаць валанцёрам і знайсці для сябе  працу, якая будзе патрэбнай для праекта. Нават маленькі ўчынак – гэта вялікі асабісты ўнёсак у нашу агульную і  важную справу!